Вакзал Рыга-Арлоўскай чыгункі ў Полацку, 1918 год.
Здымкаў гэтага вакзала мала, а такіх добрых то я і не сустракаў. Гэты знайшоўся ў нямецкага прадаўца сярод серыі фотаў вайскоўца, зробленых у 1918 годзе, калі Полацк некалькі месяцаў быў пад нямецкай акупацыяй.
Рыга-Арлоўская чыгунка была другой па ліку чыгуначнай лініяй, якая прайшла па тэрыторыі Беларусі. Рух цягнікоў ад Дзвінска да Віцебска пачаўся ў 1866 годзе, і адразу спрычыніўся да эканамічнага развіцця Віцебска і Полацка, ды адначасова - да скарачэння суднаходства па Дзвіне і змяншэння гандлёвага значэння мястэчак і гарадоў на гэтай рацэ, як Бешанковічы, Ула ці Дзісна.
Вакзалы на лініі будаваліся паводле тыповых праектаў. Функцыі будынкаў былі аднолькавыя, то і не было дзеля чаго для кожнага распрацоўваць асобны праект. Таму вакзал, дужа падобны на стары полацкі, захаваўся да сённяшняга дня ў Шуміліне.
Павялічыўшы фота, можна разгледзець на будынку назву станцыі, напісаную яшчэ паводле старога расейскага правапісу - Полоцкъ. Два надпісы паабапал паказвалі адлегласць (у вярстах) да Віцебска і Дзвінска.
Побач з'явілася і новая шыльда па-нямецку - Polozk.
Вакзал быў разбураны ў час Другой Сусветнай вайны. Пасля вайны на яго месцы быў збудаваны новы.
* ** * *
У 1906 годзе праз Полацк прайшла яшчэ адна чыгунка: Балагое-Сядлецкая, збудаваная за французскую пазыку, каб стварыць яшчэ адзін стратэгічны чыгуначны шлях з Расеі ў ваколіцы Варшавы. Станцыя і вакзал Балагое-Сядлецкай чыгункі былі збудаваныя на паўночны ўсход ад Полацка, пазней вакол яе вырасла прадмесце Грамы.
Вакзал у Грамах быў разбураны ў час Другой Сусветнай вайны.


Присоединяйтесь — мы покажем вам много интересного
Присоединяйтесь к ОК, чтобы посмотреть больше фото, видео и найти новых друзей.
Комментарии 2