Я ўчора кепскія навіны
З малой радзімы атрымаў
І з гэтай сумнае прычыны
Ўсю ноч узрушаны не спаў.
Даведаўся, што болей школы
Ў мястэчку з верасня няма
І ўжо ў настроі невясёлым
Яе я ўзгадваў да відна.
Як першы раз у храм навукі
З букетам кветак зранку йшоў,
Затым, узяўшыся за рукі,
З матуляй крочылі дамоў.
Хапіла іншых успамінаў
На безліч змораных начэй.
Былое як перад вачыма –
Яно з гадамі ўсё ярчэй.
У чым тут справа? Мне здаецца
Тут адкрыцця я не ўчыню,
Бо тое ў думках застаецца,
Што адбылося ўпершыню.
Цнатлівы першы пацалунак –
Кахання першага вясна.
Дзяўчынцы першы падарунак,
Ды спробы першыя віна…
Працягваць, зрэшты, доўга можна,
Падзей адметных шмат знайсці –
Вясёлых, дзіўных, эпатажных
У школьным сонечным жыцці.
2
Тут атрымалі мы дарогу
Ў такі жаданы сталы свет.
І атэстат, як перамогу,
Пасля дзясятка ўвішных лет.
Не палічыць спецыялістаў,
Усіх яе выпускнікоў:
Вайскоўцаў, швачак, трактарыстаў,
Настаўнікаў, будаўнікоў…
Спраўлялі выпускныя балі
Тут роўна семдзясят разоў
І вось нібыта ў нас укралі
Былое без залішніх слоў.
Пустуе сёння наша школа
Без шумных вучняў цягам дня.
Прамым дакорам нам наўкола
Стаіць нямая цішыня.


Присоединяйтесь — мы покажем вам много интересного
Присоединяйтесь к ОК, чтобы посмотреть больше фото, видео и найти новых друзей.
Нет комментариев