Бабулі Сашы ня стала 23 дні таму. Апошнія чатыры гады яна жыла з маімі бацькамі, у пакоі з сямейнай бібліятэкай: сядзела пры вакне на крэсле з высокай спінкай, пазірала на вуліцу, вязала і чытала. Раней я бачыла ў бабуліных руках адно малітоўнік ці біблію, а са свецкай літаратуры яна шанавала выключна "Раніцу ў нядзельку" з "Новай Зямлі" Коласа — там, дзе пра блінцы, што ад рання пякліся на сняданне. Яна вывучыла гэты ўрывак яшчэ ў шостым класе (пасля якога, дарэчы, і кінула школу) і любіла прынагодна — за сняданкам — нам дэклямаваць.
І вось на дзявятым дзясятку бабуля з мудрай мамінай падачы пачала чытаць прозу і паэзію — нагбом, неадрыўна, забываючыся на ўсіх і ўсё, не чуючы нават брэх са