Падышоў да парога,
Дакрануўся да сцен.
Ды няма ўжо былога,
Многа тут перамен.
Сцены роднага дома
Прытулілі мяне.
Вось паштоўкі з альбома,
Што вядомыя мне…
Лаўка ў нас ля вакна,
Так у вёсцы вядзецца.
Толькі б памяць жыла,
Толькі б верыла сэрца.
На акенцах фіранкі,
Маці з бацькам партрэт...
Гарадскія баранкі
Вам прывёз на абед.
Ды няма ў гэтым доме
Мне каго частаваць.
Вы сышлі ў невядомасць,
Вас даўно не спаткаць.
Захавалася памяць
Між бярвенцаў старых.
Маці быццам бы кліча
Хутка снедаць усіх.
Бацька нібы гукае:
“Сын, бяры малаток!
Трэба ў сенцах дах правіць,
Што на вугал працёк.”
Гэта мне ўсё здаецца,
Што іх голас чуваць…
Стрэнуць бацька з матуляй
І пачнуць абдымаць.