РУБРЫКА "У КАДРАХ І ФАРБАХ: ДЗЕНЬ ДРАЗДОВІЧА Ў МУЗЕІ"
Германавічы ў жыцці мастака
Язэп Драздовіч ўпершыню з’явіўся ў нашай мясцовасці ў 1917 годзе. Да гэтага часу ён ужо атрымаў адукацыю, скончыў Віленскую мастацкую школу і сем гадоў адслужыў у арміі.
Звернемся да дзённіка мастака, у якім ён паведамляе, што ў 1917 годзе вяртаецца на сваю родную Дзісненшчыну, да сваёй радні, маці, братоў, старэйшай сястры Леакадзіі, якая з сям’ёй да вайны жыла ў Лібаве. Цяпер жа яна з дочкамі, зяцямі і ўнукамі жыве разам з маці ў Красоўшчыне каля Германавіч. Тут мастак нядоўга адпачыў і падлячыўся.
“Здароўе маё стала папраўляцца, – занатаваў у дзённіку Язэп Драздовіч, – неяк мне стала стыдна, што людзі нават і з горшым здароўем страдаюць на фронце, а я, як вольны ад фронта, пагуляваю, як нейкі гультай… і рашыў аддацца супольніцкай працы на карысць людзей. Прынімаю афярную працу: безвазмездна арганізую ў Гарманавічах раённы прадавольственны (харчовы) камітэт, у якім выбіраюць мяне старшынёй”.
Мастак ведаў цяжкую працу сялян і з жалем думаў, што сяляне не ўмеюць аб’ядноўвацца ў кааператывы, каб разам бараніцца ад беднасці, ад перакупшчыкаў і ліхвяроў. У дзённіку ён запісаў:"Ішоў праз Германавічы. Тут якраз быў кірмаш. Лён урадзіў і сяляне хацелі яго прадаць. Купцы скуплялі яго за бясцань”.
Па ліку пайшчыкаў каператыў “Беларус”, арганізаваны Язэпам Драздовічам у 1918 годзе ў Германавічах, быў самым вялікім ў Віленскай губерніі і праіснаваў да 1922 года (быў зачынены польскімі ўладамі).
Як сведчаць архіўныя дакументы 10 сакавіка 1919 года было створана Ў Германавічах культурна-асветніцкае таварыства “Заранка”, у якое ўвайшлі 110 чалавек. Старшынёй абралі Язэпа Драздовіча. Найбольш актыўнымі членамі таварыства былі Іван Краснадубскі, Кандрацій Протас, Пётр і Аляксандр Роўды, Іван і Мар’ян Янцэвічы, Іван Кожан і многія іншыя. На сходзе 30 сакавіка 1919 года быў прыняты Статут таварыства, распрацаваны Язэпам Драздовічам, праграма і пячатка з надпісам “Германавіцкая культпрасвета “Заранка”, заснавана бібліятэка. Язэп Драздовіч перадаў у бібліятэку 10 кніг. Былі таксама адкрыты пры 1-й і 2-й Германавіцкіх школах курсы для ўсіх, хто хацеў вучыцца чытаць і пісаць, праводзіліся заняткі па харавых спевах. Члены таварыства чыталі для вяскоўцаў лекцыі, ставілі спектаклі, праводзілі вечары, на якіх дэкламавалі вершы, спявалі.
Пэўны час з 1919 па 1921 год Язэп Драздовіч жыў ў Мінску, дзе пасля стварэння БССР бурліла палітычнае і культурнае жыццё. Тут ён працаваў у Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле пры Камісарыяце асветы БССР, мастаком-дэкаратарам у «Беларускай хатцы», Беларускім дзяржаўным тэатры; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар. Зімой 1920 года мастак праслухаў курс мовы, літаратуры і гісторыі Беларусі.Заняткі праводзіліся сіламі Мінскага настаўніцкага інстытута.
Напярэдадні 1921 года Язэп Драздовіч атрымаў сумную вестку з дому: захварэла маці і хоча бачыць перад смерцю свайго малодшага сына. Без лішніх збораў і роздумаў Драздовіч пехатой выбіраецца на Дзісненшчыну, у засценак Лявонаўка, каля Германавіч, дзе Юзэфа Янаўна арандавала зямлю. Гэта быў цяпер іх дом. Няўтульны на гэты раз: маці была на адыходзе. Юзэфа Янаўна памерла ў маі 1921 года, мастак пахаваў яе на могілках ў Германавічах.
Пасля падпісання ў сакавіку 1921 года Рыжскага дагавора, Заходняя Беларусь адышла да Польшчы. У 1921 годзе ў вёсцы Сталіца (недалёка ад Германавіч) Язэп Драздовіч арганізаваў пачатковую школу з навучаннем на беларускай мове, але праіснавала яна не больш за тры месяцы. Польскія ўлады зачынілі яе як “нелегальную”.
Падчас свайго вандроўнага жыцця Язэп Драздовіч неаднойчы наведваў Германавічы, якім ён прысвяціў свае творы. Адна з такіх карцін “Германавічы. 1935 год” экспануецца ў мастацка-этнаграфічным музеі імя Язэпа Драздовіча.

Присоединяйтесь — мы покажем вам много интересного
Присоединяйтесь к ОК, чтобы подписаться на группу и комментировать публикации.
Нет комментариев