Якуб Колас
НОЧ ПАД НОВЫ ГОД
Замкнула зямля свой яшчэ адзін круг,
Другі зачынае.
Маўчыць непрытульна заснежаны луг
І пушча лясная.
Мігаюць далёкія зоры ўгары,
Як чыстыя росы,
І ходзіць паважна мароз па бары,
Злы, белавалосы.
Глядзіць неласкава скляпенне нябёс
На скутую землю,
І Млечнага Шляху паблеклы пракос
У холадзе дрэмле.
У гэтым змярцвенні начной цішыні
Год Новы вітаю.
- Якою пуцінай вы пойдзеце, дні? -
Я моўчкі пытаю.
Маўчыць неабсяжны прастор - глыбіня
Без берагу - краю.
Маўчыць з ім і постаць наступнага дня,
І я замаўкаю.